Архив новостей

02.05.2016

Сэрцы аддаюць дзецям

Маладыя і сталыя, эмацыянальныя і спакойныя, вясёлыя і стрыманыя - зусім звычайныя людзі. Толькі сэрцы яны маюць незвычайныя, вялікія, што дазваляюць ім любіць крыху больш за іншых. Гаворка вядзецца пра прыёмных бацькоў - людзей, якія аднойчы вырашылі дарыць сваё цяпло дзецям-сіротам. У Кобрынскім раёне 38 прыёмных сем’яў і 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Пазнаёміцца з тымі, хто абагрэў сваёй пяшчотай 61 дзіця, была магчымасць у час раённага этапу абласнога конкурсу на лепшы дзіцячы дом сямейнага тыпу і лепшую прыёмную сям’ю “Сэрца аддаю дзецям”, які быў арганізаваны аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і адбыўся на базе Кобрынскага РЦДТ 21 красавіка.

У кожнага з 14 канкурсантаў да ролі прыёмных бацькоў свая дарога – пра гэта расказалі іх візітоўкі. Напрыклад, Святлана Прычышына, педагог з 33-гадовым стажам, стала прыёмнай маці ў 49 гадоў. Трапіла на адказную пасаду, збіраючыся на льготную пенсію. Клопат пра апошнюю супаў з вызваленнем вакансіі мамы-выхавацеля ў доме сямейнага тыпу №1. “Ад прапановы адмовіцца не змагла, не мела такога права”, - разважыла жанчына і стала мамай для шасцярых дзяцей. Зараз у сям’і Святланы і Віктара Прычышыных дзевяцёра выхаванцаў: 5 дзяўчынак і 4 хлопчыкі. Дарэчы,  восем з іх – сацыяльныя сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі пры жывых бацьках.

Алену Гардзяюк да ролі прыёмнай маці прывяла работа ў Дзівінскім доме-інтэрнаце. Менавіта там яна сустрэлася з Надзеяй Міхальчук. Дзесяцігадовая дзяўчынка адразу праніклася да жанчыны, стала дзяліцца з ёю сваімі дзіцячымі праблемамі і сакрэтамі. Непрыкметна паміж імі ўсталявалася цесная сувязь, якая з часам і падштурхнула Алену ўзяць маленькую Надзю ва ўласную шматдзетную сям’ю. Зараз Надзея вучыцца ў Кобрынскім дзяржаўным прафесіянальным ліцэі сферы абслугоўвання, але сувязь з тымі, хто замяніў ёй бацькоўскую пяшчоту, не губляе. У сям’і ж Гардзяюк новае папаўненне - дачка Яна.

 Асаблівай увагі варты тыя, хто вырашыў палепшыць жыццё дзяцей з асаблівасцямі развіцця: прыёмныя сем’і Святланы Грыцук, Людмілы Сергіевіч і Валянціны Сімак.  

Прэзентацыя вопыту работы, якую прадставілі канкурсанты, плаўна перацякла ў абмеркаванне сітуацый, якія маглі б мець месца ў кожнай сям’і. На канкрэтных прыкладах былі разгледжаны мадэлі паводзін бацькоў пры пагардзе дзецьмі хатніх абавязкаў, злоўжыванні камп’ютарам, наяўнасці шкодных звычак.

Павучальным як для канкурсантаў, так і для ўдзельнікаў стала практыкаванне “Дзіця”, якое правяла дырэктар Кобрынскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Галіна Пасюк. Дарослым у чарговы раз напомнілася, што ад іх умення стрымліваць свае негатыўныя эмоцыі ў адносінах да дзяцей, залежыць самаацэнка апошніх.

У межах конкурснай праграмы з творчымі нумарамі выступілі выхаванцы прыёмных сем’яў. Іх вясёлыя, бліскучыя позіркі, апантанасць і заўзятасць сведчылі аб рацыянальнасці дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, накіраванай на паляпшэнне стану дзяцей-сірот, праз інстытут замяшчаючых сямей.

Словы ўдзячнасці людзям, якія ўзялі на свае плечы адказнасць за чужых дзяцей, выказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Радковіч. З асаблівым трапятаннем адзначыла яна тых, хто найбольш паспяхова рэалізуецца ў якасці прыёмных бацькоў.  Так, першае месца ў намінацыі “Лепшы дзіцячы дом сямейнага тыпу” заняла знаёмая нам сям’я Прычышыных, “Лепшай прыёмнай сям’ёй” прызнана сям’я Ніны Заноўскай.

Людміла Дубіна.

 

Фотоматериалы